Четверг
02.05.2024
04:55
Новыя сачыненні
Майстар і Маргарыта – раман пра справядлів...

Цёмныя алеі І. А. Буніна як спосаб паказац...

Філасофія Л. Н. Талстога ў аповядзе «Пасля...

Паядынак – аповесць А. І. Купрына, якая ад...

Чаму я хачу быць паліцыянтам?

Які падарунак лепш за ўсё?

Піянерскі лагер

Лета 2023 года

Ліст для бацькоў, чаму мне трэба завесці ш...

Радзіма

Форма входа

Статыстыка

Онлайн всего: 12
Гостей: 12
Пользователей: 0

Школьныя сачыненні
Галоўная » Твори » 11-ы клас

Да чалавецтва - праз свой народ (на матэрыяле сучаснай беларускай паэзіі)


Кожны народ непаўторны, самабытны і ўнікальны, быццам асобны сусвет, але таксама ён – частка вялікага чалавецтва, вялікага свету. Так і паэзія – з'ява глабальная і адначасова нацыянальная. У сваіх вершах паэты раскрываюць тыя агульначалавечыя тэмы і праблемы, якія будуць блізкія і актуальныя для кожнага чытача, незалежна ад таго, у якой краіне ён нарадзіўся і жыве, да якога народа адносіцца. Аднак у аўтарскім асэнсаванні гэтай тэмы, яе раскрыцці, адчуванні, безумоўна, будзе вельмі глыбокі адбітак не толькі асобы самога паэта, але і нацыянальнага менталітэту, самасвядомасці. Гэта робіць верш непаўторным, надае яму індывідуальнае гучанне.

Калі кожны канкрэтны народ усведамляе сябе, свае традыцыі, культуру, самабытнасць, гісторыю, а таксама агульначалавечыя каштоўнасці і маральныя якасці, калі кожны чалавек адчувае прыналежнасць і да свайго народа, і да ўсёй чалавечай супольнасці – тады чалавецтва будзе існаваць у гармоніі. Таму паэты сваёй творчасцю павінны данесці гэта да свайго народа, узмацніць яго нацыянальную самасвядомасць, яго маральныя чалавечыя якасці. Менавіта такім шляхам павінна ісці паэзія – праз свой народ і да чалавецтва. Асаблівае значэнне мае гэта ў наш час.

Нездарма Леанід Галубовіч, звяртаючыся ў вершы «Прыходзіць дзень на змену цёмнай ночы…» да тэмы гістарычнай памяці, заклікае: “Каб не застацца вечна ў забыцці…\ Свядомасць розуму, узбагаці \ Айчынай”. Любоў да Радзімы ўзбагачае душу чалавека, робіць яго паўнавартаснай асобай, а таксама далучае да ўсяго народа, да гісторыі, да мінулага і будучыні, ставіць у адзін шэраг з людзьмі, што жылі да яго, і з яго нашчадкамі.
Інакш можа адбыцца як у вершы Людмілы Рублеўскай “Беларусы”:

“Толькі кнігі у кватэры,
для вечнасці –
толькі дзіця.
Мы жывем – і не помнім.
Ні мовы, ні продкаў не помнім”

Страціць памяць, забыць мінулае сваіх продкаў, свае карані значыць страціць сябе.
Актуальна ў вершах сучасных паэтаў тэма роднай мовы. Беларуская мова – частка нацыянальнай культуры і самабытнасці і адна з найпрыгажэйшых моў свету.

“У адну дарогу звесці сцежкі / Ў вялікі свет — скрозь свет малы!” – так вызначыў ролю роднай мовы Леанід Галубовіч у вершы “Мова”. На думку паэта, праз мову, якая “свет малы”, нацыя выходзіць у “вялікі свет”, чалавецтва. Яна тое, што робіць нас часткай сусвета і пры гэтым вылучае ў ім.

Але існуе істотная праблема выкарыстання беларускай мовы не толькі ў горадзе, але і ў вёсцы: “А сёння вось і ў роднай вёсцы / З радзімай мовай нелады. / I ёй ужо не маю моцы / Я дагукацца маладых”. Мова павінна быць голасам народам, яна дапаможа дагукацца да ўсяго свету, але спачатку трэба “дагукацца маладых”. Калі народ пачуе сваю мову, прыме яе, тады яго пачуе і ўвесь свет. Леанід Галубовіч лічыць, што кожны чалавек аднойчы прыйдзе да роднай мовы, бо ў ёй – нашы вытокі і наша будучыня, у ёй наша жыццё:

"О, мова!
Усе, як магеланы,
К табе мы вернемся наўпрост,
Каб ты знайсці дапамагла нам
I ДОМ,
і МАЦІ,
і ПАГОСТ..."

Да гэтай жа праблемы звяртаецца Мікола Шабовіч у вершы “Як ціха мы жылі…”. Яго радкі гучаць рэзка, у іх востра ўзнята праблема, паўстае жахлівы малюнак тых наступстваў, да якіх прывядзе страта народам сваёй мовы:

”Няўжо настане час
І хлопчык светла-русы
Напіша сумны сказ:
“Памерлі беларусы...”?»

На думку паэта, страта мовы – гэта духоўная смерць народа, яго знікненне, бо без мовы няма народа. Мікола Шабовіч не прапануе ў сваім вершы, як вырашыць гэтую праблему, але ён прымушае кожнага задумацца над ёй. Калі людзі зразумеюць гэта, не будуць абыякавымі, яны не дапусцяць знікнення сваёй роднай мовы.

У творчасці другога сучаснага паэта, Віктара Шніпа, ёсць цыкл балад, прысвечаных славутым людзям, якія жылі, працавалі і змагаліся за незалежнасць і росквіт нашай краіны. Гэта Ефрасіння Полацкая, Вітаўт, Мікола Гусоўскі, Янка Купала, Іван Шамякін і іншыя. Апісваючы іх лёсы, паэт не толькі адлюстроўвае шматвекавую гісторыю Беларусі, багатую на падзеі, але і падкрэслівае тыя маральныя агульначалавечыя якасці, якімі адрозніваліся гэтыя асобы і якія павінны быць у кожнага чалавека.

Так, паэт вылучае мужнасць і адвагу Міндоўга, на яго прыкладзе паказвае, што чалавеку трэба з годнасцю ісці сваім шляхам, не баючыся нічога, умець прымаць свой лёс і ўсе выпрабаванні, змагацца да канца:

“Бо ёсць твой шлях, а іншага ў цябе – няма,
І на шляху ёсць здрада, над якой смяешся
Цяпер, хоць заўтра — смерць. Ты не баішся
смерці”.

Або імкненне да ведаў і працавітасць Льва Сапегі, яго любоў да Радзімы, сваю справу ён робіць не дзеля славы, а з высокіх маральных памкненняў, жадання зрабіць штосьці значнае для сваёй краіны:

“І запіша ён зноў, што спазнае,
Запісаўшы, закрэсліць ізноў.
Ён – Сапега, Сапегу свет знае,
Як сам знае Сапега любоў
Да зямлі, на якой нарадзіўся…”

Дабрынёй і чалавечнасцю прасякнуты верш Міколы Шабовіча “Да новае стрэчы!”. Ён заклікае дарыць сваім родным, блізкім і ўсім людзям сваю дабрыню і любоў:

“Радзіме – адданасць,
Бацькам – дабрыню і любоў,
Сябрам – беззаганнасць
Учынкаў, памкненняў і слоў”.

На гэтым і заснаваны шчырыя чалавечыя адносіны. І трэба ўмець не толькі прымаць такое стаўленне да сябе, але і ўмець падзяліцца самым лепшым, што ёсць у тваёй душы. Гэта і робіць нас сапраўднымі людзьмі.

Такім чынам, сучасная беларуская паэзія шматгранная і разнастайная. Яна ўздымае актуальныя тэмы, раскрывае ўнутраны свет чалавека і ўсяго народа, спалучае індывідуальнае, нацыянальнае і агульначалавечае. У сваіх творах паэты праз свой народ звяртаюцца да чалавецтва, бо, як вядома, паэзія не мае межаў, яна тое, што аб’ядноўвае людзей усяго свету.




Категорія: 11-ы клас | Додано: 25.02.2023
Переглядів: 9092 | Рейтинг: 0.0/0


Всього коментарів: 0
avatar