Понедельник
06.05.2024
18:29
Новыя сачыненні
Майстар і Маргарыта – раман пра справядлів...

Цёмныя алеі І. А. Буніна як спосаб паказац...

Філасофія Л. Н. Талстога ў аповядзе «Пасля...

Паядынак – аповесць А. І. Купрына, якая ад...

Чаму я хачу быць паліцыянтам?

Які падарунак лепш за ўсё?

Піянерскі лагер

Лета 2023 года

Ліст для бацькоў, чаму мне трэба завесці ш...

Радзіма

Форма входа

Статыстыка

Онлайн всего: 49
Гостей: 49
Пользователей: 0

Школьныя сачыненні
Галоўная » Твори » 11-ы клас

Сцепаніда і Пятрок Багацькі як носьбіты спрадвечнай народнай маралі ў аповесці В. Быкава “Знак бяды”


У аповесці “Знак бяды” Васіль Быкаў паказвае вайну праз лёсы мірных жыхароў, сялян. Выбар такіх персанажаў невыпадковы, бо вайна больш за ўсё закранула простых людзей, пакінула свой адбітак у іх жыццях і лёсах. Пісьменнік праз успрыманне галоўнымі героямі падзей ваеннага і перадваеннагу часу адлюстроўвае характар, уласцівы беларусам, спрадвечную народную мараль, якія найбольш глыбока і поўна раскрыліся ў такіх трагічных і цяжкіх абставінах.

Пятрок і Сцепаніда Багацькі – далёкія ад вайны людзі, якія мараць аб жыцці без страху і без няўпэўненасці ў заўтрашнім дні, аб сустрэчы з дзецьмі і аб мірнай працы на сваёй гаспадарцы. Праз мінулае герояў мы даведваемся, які шлях Пятрок і Сцепаніда прайшлі да валодання сваёй зямлёй. Але ў сваіх пакутах яны не згубілі высакароднасці, прыгажосці і багацця душы. Яны зусім розныя, але ў іх была адна мяжа дапушчальнасці, якую яны не маглі пераступіць нават пад страхам смерці, - чалавечая годнасць.

Сцепаніда з’яўляецца яркім увасабленнем народнай маралі: “…за сваё цяжкае жыццё ўсё ж спазнала праўду чалавечых адносін і пакрысе здабыла свой чалавечы гонар. А той, хто аднойчы адчуў сябе чалавекам, ужо скацінай не стане”.

Сцепаніда актыўная, сумленная, рашучая, самастойная, здольная процістаяць абставінам. Усё яе жыццё – барацьба за справядлівасць. Яна заўсёды верыла ў перамогу дабра і справядлівасці, гэтым і вызначаны ўсе яе ўчынкі, яе асоба. Яна і да вайны ўмела пастаяць за сябе, за справядлівасць, была чуйная да чужога гора, была пераканана, што на чужым няшчасці сваё шчасце не пабудуеш. Жанчына рашуча выступае супраць раскулачвання свайго аднавяскоўца, якое лічыць несправядлівым: “– А ці правільна гэта? – набраўшыся духу, сказала Сцепаніда. – Раскулачваць, каторыя кулакі. А Гуж серадняк. Не, я не сагласная». Яна ставіцца да людзей так, як яны заслугоўваюць: асудзіла перад прадстаўнікоў з раёна п'яніцу кладаўшчыка, а калі жанчын абвінавацілі ў тым, што яны крадуць лён, дамаглася праверкі, даказала, што абвінавачванні памылковыя.

З самага першага дня акупацыі яна паўстае супраць фашызму, не жадае мірыцца з тымі парадкамі, якія ўстанавілі ворагі на іх зямлі: “Але менавіта гэта іх упэўненасць у сваёй праваце і ўсведамленне беспакаранасці за тое, што не прынята рабіць між людзьмі, адразу настройвалі яе супраць. І яна адчувала, што незалежна ад таго, як яны паставяцца да яе, добрыя адносіны паміж імі наўрад ці магчымы”. Таму Сцепаніда змагаецца за сваё жыццё, за сваю Радзіму так, як можа: хавае газу, пазбавіўшы фашыстаў святла, вылівае малако на зямлю, хавае ў лесе парсючка, каб не дастаўся ім, кідае ў калодзеж вінтоўку.

Пасля смерці Петрака яна больш не баіцца нічога і нікога, вырашае дзейнічаць, змагацца да апошняга. Сцепаніда купляе ў Карнілы бомбу, каб знішчыць адноўлены мост. Але ж паліцаі даведаліся пра яе намер, і жанчына, перахаваўшы бомбу, падпаліла хату разам з сабою. Сцепаніда не змагла б паступіць інакш, на гэта паўплывалі яе непераадольная прага помсты, пачуццё справядлівасці і разуменне праўды, чалавечнасці.

Менавіта ў вобразе Сцепаніды Васіль Быкаў адлюстроўвае лепшыя чалавечыя рысы: сумленнасць, працавітасць, нязломленасць духу, высокая чалавечая годнасць, адданасць Радзіме, самаахвярнасць – усё гэта якасці, характэрныя беларусам, праз якія адлюстроўваецца спрадвечная народная мараль. Фашызм імкнуўся знішчыць усё чалавечае, знішчыць народ не толькі фізічна, але і духоўна, маральна, таму звычайныя простыя людзі паўсталі супраць гэтага, змагаліся ўсімі сіламі, хай і без зброі, як Пятрок і Сцепаніда.

Пятрок Багацька здаецца цалкам супрацьлеглым Сцепанідзе, але ён таксама носьбіт народнай маралі. Ён ціхі, мяккі, разважлівы, крыху баязлівы чалавек, “гэткі, якімі была большасць у Выселках: страхавіты, зважлівы, трохі набожны”. Пісьменнік надзяляе Петрака рысамі, характэрнымі для тыповага прадстаўніка сялянства таго часу, жывымі рысамі народнага характару: «Быў аж залішне добры па цяперашнім часе, ды і па ранейшым таксама. Гэткая ўжо натура: хутчэй аддасць, чым возьме. Лягчэй саступіць, чымсі даб'ецца. Не любіў сварыцца, яму ўсё каб ціха».

З прыходам у вёску фашыстаў ён спачатку абірае больш лёгкі шлях – прыстасавальніцтва. «– Нічога, як-небудзь. Мы перад імі невінаватыя. А калі з імі па-добраму, дык, можа, і яны... Не з'ядуць, можа...» – разважае Пятрок.

Каб засцерагчыся ад бяды, ён дагаджае фашыстам і паліцям, частуе іх самагонкай, аддае ім малако, грае на скрыпачцы, беспярэчна выконвае іх загады, напрыклад, робіць «клазет», возіць пясок на дарогу, лічыць, што трэба «паводзіць сябе як мага абачлівей і цішэй». Але, як вядома, немагчыма дагадзіць усім, тым больш ворагам. Пераломны момант у свядомасці Петрака наступіў, калі, шукаючы гарэлку, паліцаі пабілі Сцепаніду, а яго, паставіўшы каля сцяны, палохалі стрэламі. Увогуле, ён разумее, што ўсе яго спробы паддобрыцца да ворагаў робяць толькі горш: яны з жонкай церпяць здзекі, іх гаспадарка разбурана, загінуў пастушок Янка. Менавіта гэта нешта зрушыла ў яго душы, змяніла яго погляды, адносіны і да фашыстаў з паліцаямі, і да вайны. Ён вырашае, што больш «не дасць ім на сабе ездзіць, як ім захочацца, яшчэ ён пастаіць за сябе».

Пятрок адкрыта паказвае сваю нянавісць да фашыстаў, мужна паўстае супраць іх, і ўжо не думае аб тым, што яго чакае, не думае аб тым, як захаваць сваё жыццё. “Хай смерць, але дома», – вырашае Пятрок, мужна прымаючы смерць. Ён захаваў сваю годнасць – не стаў здраднікам. І ў гэтым таксама праяўляецца народная мараль.

Сцепаніду і Петрака можна назваць носьбітамі спрадвечнай народнай маралі. Яны, нягледзячы ні на што, не страцілі сваёй чалавечай годнасці, сумлення, сілы духу, не сталі прыстасаванцамі і здраднікамі, не пашкадавалі для Радзімы самага дарагога, што ў іх было, – свайго жыцця.




Категорія: 11-ы клас | Додано: 25.02.2023
Переглядів: 6757 | Рейтинг: 0.0/0


Всього коментарів: 0
avatar